КАСТРАМСКА́Я ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы,
парода малочна-мяснога кірунку, выведзеная ў 1945 у Кастрамской вобл. скрыжаваннем мясц. жывёлы з альгаўскай і швіцкай пародамі. Гадуюць у Іванаўскай, Кастрамской, Уладзімірскай, Яраслаўскай абл. (Расія), на Беларусі — у асн. у Віцебскай і Магілёўскай абл.
Жывёлы моцнай канстытуцыі, з добра развітой мускулатурай. Галава невялікая, тулава крыху выцягнутае, на высокіх нагах, выш. ў карку да 130 см, спіна роўная. Масць шэрая і бурая розных адценняў. Надой малака за год 4000—5000 кг (рэкардысткі — да 14 200 кг), тлустасць 3,8—4,1%. Жывая маса кароў 550—650, быкоў 800—950 кг. Мясныя якасці добрыя.
т. 8, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)